У нашай установе дашкольнай адукацыі працягваецца цікавая і карысная акцыя «Слова тыдня», мэта якой — папулярызацыя беларускай мовы і пашырэнне слоўнікавага запасу выхаванцаў.
На гэтым тыдні выхаванцы другой малодшай групы знаёміліся з беларускім словам «трус» (па-руску — кролик).
Каб новае слова хутчэй запомнілася, мы правялі час цікава і пазнавальна:
разглядалі яркія ілюстрацыі і даведаліся, чым трус адрозніваецца ад зайчыка;
паўтаралі слова ў вясёлых гульнях і пальчыкавых гімнастыках;
адгадвалі загадкі пра пухнатага звярка і яго любімыя ласункі;
ляпілі і малявалі свайго маленькага трусіка.
«Чаравікі», «шкарпэткі» - словы тыдня ў сярэдняй групе. Дзеці практыкаваліся ўжываць гэтыя словы ў мове, разглядалі малюнкі, адгадвалі загадкі, гулялі у дыдактычныя гульні і складалі кароткія сказы пра чаравікі. Выхаванцыі з вялікай цікавасцю ўключыліся ў працу і ўжо актыўна ўжываюць у сваім маўленні новыя словы!
Выхаванцы старшых груп пазнаёміліся са словамі, вельмі актуальнымі для цяперашняга надвор’я: «вопратка», «паліто» і «боты».
Каб новыя словы хутчэй запомніліся, выхавальнікі падрыхтавалі для дзяцей шмат захапляльных заданняў:
дыдактычныя гульні, у якіх дзеці вучыліся правільна апісваць прадметы гардэроба, падбіраць прыметнікі (цёплае паліто, зручныя боты, прыгожая вопратка) і класіфікаваць рэчы па сезонах;
моўныя хвілінкі, на якіх падчас штодзённых збораў на прагулку выхаванцы замацоўвалі новыя словы на практыцы, апранаючыся і прагаворваючы свае дзеянні па-беларуску;
творчыя заняткі: хлопчыкі і дзяўчынкі адгадвалі загадкі пра восеньскае і зімовае адзенне, а таксама малявалі ўласныя мадэлі цёплага адзення.